Ніна ЛІСТОТА. Горкія слёзы маёй Беларусі

***

На тым беразе зімы,

Ад цямна да цямна,

Будзе ззяць

Наша вогнішча.

 

Будуць дзеці смяяцца,

Як сто залівістых 

Жаўрукоў. І спяваць,

І ляцець карагодам.

 

На тым беразе зімы

Я напраду нітак,

І вытку палатно,

І пашыю табе кашулю.

 

Ты не замерзнеш,

Закутаны хваляй лёну.

Я сагрэю.

Я буду гарэць з табой.

 

***

Адпусціць сябе.

Выдыхнуць, выплакаць.

Выплавіць згусткі болю

і выкінуць.

 

Вымавіць даўняе.

Выкрыкнуць страшнае.

Стаць для мінулых грахоў

недасяжнаю.

 

Вынайсці лепшае.

Вынырнуць – смешнаю.

Ціха прайсці

паласой узбярэжнаю.

 

Вылашчыць хвалямі.

Выпесціць – марамі.

Выцерці смутак

шчаслівымі тварамі.

 

Вырасці, выпрастаць,

Выспець – і здарыцца.

Яшчэ не было,

ды ўжо – набліжаецца.

 

Вынайсці лепшага.

Вынырнуць – смешнаю.

Стаць назаўжды

тваёй непазбежнаю.

 

***

Восень ветрам нас выганяла

З нашых двароў, з вуліц нашых.

Чужая душа роднай не стала.

І свая сышла, без вестак прапаўшы.

 

Дрэвы шапталі ў Купалы парку:

“Сядзь на лаўку, давай абмяркуем”.

Саджуся, і з імі ўступаю ў сварку.

Да неба – хачу. Адарвацца – баюся.

 

Горкія слёзы маёй Беларусі

Ўпалі на дол, пакаціліся лісцем.

Па жоўтым стале, як па жоўтым абрусе,

Крочылі думкі, шукалі выйсце.

 

Мова ішла на пляцы, на плошчы,

Але на кухнях яна замаўкала.

Нехта павінен стаяць да апошняга,

Гэта я, гэта ты. І нас нямала.

Поділитись ланкою в соціальних мережах

коментарі

  1. Володимир сказав:

    Спасибо,дякую, дуже хвилює.
    Меня пройняло.
    Чудова поезія.
    Я украинец, спасибо Вам.

    1. Ніна сказав:

      І Вам дзякуй, за водгук і добрыя словы.
      Будзем сябраваць краінамі.

Залишити відповідь до Володимир Скасувати відповідь

Щоб прокоментувати, відрекомендуйтеся за допомогою: 

Ваша e-mail адреса не оприлюднюватиметься. Обов’язкові поля позначені *